Выстава фатаграфіі Вячаслава і Таццяны Алешка «Пад крылом Страцім-лебедзя»


Выстава “Пад крылом Страцім-лебедзя” прысвечана птушкам у паэзіі Максіма Багдановіча і прэзентуе мастацкія фатаграфіі Вячаслава і Таццяны Алешка, прадстаўнікоў адной з вядомых дынастый фатографаў Беларусі.

Вершы Максіма Багдановіча даюць магчымасць разнастайнага прачытання, а вобразы птушак, якія сустракаюцца ў творчасці паэта – гэта і частка беларускай прыроды, і ўвасабленне лірычнага героя, і сімвалы роднага краю.

Вячаслаў Алешка (1939 – 2018) – адзін з першапраходнікаў сярод беларускіх фатографаў дзікай прыроды, аўтар сямі кніг пра прыроду і фотаальбомаў. Першая кніга «С любовью к природе» выйшла ў 1977. Фотаальбомы «Спатканне з лесам» (1985), «Наедине с природой» (1996), «Беларусь запаведная» (2007) прынеслі аўтару славу фотамайстра, які глыбока і паэтычна адлюстраваў прыгажосць і ўнікальнасць роднай прыроды. Разнастайныя пейзажы, карціны фотапалявання, знятыя ў розных кутках Беларусі, неаднаразова дэманстраваліся аўтарам на выставах (Полацк, Горадня, Брэст, Віцебск, Магілёў, Слуцк, Салігорск, Клецк, Рэчыца, Баранавічы, Мінск, Вільнюс), публікаваліся ў альбомах, часопісах, календарах, буклетах.

Таццяна Алешка – фатограф-анімаліст, чалец Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі. Сур'ёзна займацца фатаграфіяй пачала толькі ў 2018 годзе, а ўжо ў 2024 годзе адбылася яе персанальная фотавыстава ў Рускім музеі фатаграфіі (Ніжні Ноўгарад).

Яна фатаграфуе жывёл не толькі ў Беларусі, але і падарожнічае па ўсім свеце, каб убачыць і захаваць унікальныя моманты жыцця прыроды. Таццяна працягвае справу бацькі, ужываючы назапашаны досвед для папулярызацыі прыроды і прыцягнення ўвагі да няўстойлівай раўнавагі ў адносінах чалавека і жывёльнага свету.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Мінск, вул.М.Багдановіча, 7а

+375 17 363 07 61, 355 22 95

5+

446