Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Белуша

Паўтарыў подзвіг Матросава

Міхаіл Андрэевіч Белуш нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна, удзельнік партызанскага руху. У партызанах з мая 1943 г., радавы атрада “Кастрычнік” партызанскай брыгады Першамайскай. Падарваў 8 варожых эшалонаў. У баі пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна накрыў сваім целам станкавы кулямёт. Так 16 чэрвеня 1944 г. Міша Белуш паўтарыў подзвіг Матросава.

Камандзір партызанскага атрада “Кастрычнік” Аркадзій Аляксандравіч Гарэлік успамінаў: “За кароткі час Міша Белуш асвоіў падрыўную справу і папрасіў, каб яму дазволілі асабіста падарваць варожы эшалон. Не толькі партызаны, але і камандаванне атрада імкнуліся па магчымасці апякаць юнака. Міхаіла некалькі крыўдзіла такая апека, і гэта пачалі разумець старэйшыя таварышы. Ужо ніхто з іх не прапаноўваў Мішу ў паходзе паднесці яго рэчмяшок або зброю, не выдзялялі яму большы кавалачак са скудных партызанскіх запасаў... А калі Міша усё ж настаяў, каб яму дазволілі падарваць варожы эшалон, з ім, нарэшце, пагадзіліся. Але першы яго спушчаны пад адхон варожы эшалон ледзь не стаў для яго апошнім. На заданне пайшлі трое - Міша і яшчэ два падрыўніка. Дабраліся да чыгункі Баранавічы-Ліда. Прытаіліся ў кустах і пачалі вывучаць становішча і падыходы да чыгункі. Метрах у трохстах справа - бункер, дзе знаходзілася ахова. Злева, недалёка, лажбіна, па якой можна было не так прыкметна прабрацца да насыпа.

Вопытныя падрыўнікі расказалі Мішу, як ён павінен выкарыстаць мясцовасць, прасілі запомніць кожную купінку, кожны кусцік і камень, каб, у выпадку чаго, скарыстацца імі.

Ноч паступова апускала сваю цёмную коўдру на лес, кусты, поле. Вось ужо і зусім стала цёмна. Падрыўнікі падпаўзлі бліжэй да чыгункі. Двое залеглі ў прыкрыцці - злева і справа. Міхаіл, па раней вызначаным арыенцірам, папоўз да чыгункі. У насыпа

спыніўся, прыслухаўся. Было ціха. Паднімаўся па насыпе асцярожна, баяўся, каб не сарваўся які-небудзь каменьчык. Рукамі намацаў шпалы, затым рэйкі. Пачаў капаць паглыбленне для закладкі толу. Але тут пачуў тонкі гук каменьчыка аб рэйку. Міша Белуш прытаіўся і заўважыў, што з боку бункера ідзе ў яго бок ахоўнік. Ён прыціснуўся да насыпа. Можа не заўважыць, бо сыходзіць было позна. Немец прайшоў зусім побач і, тупаючы па шпалах, удаляўся. Метрах у двух-трох гэтага ахоўніка сустрэў другі, які ішоў з другога боку. Фашысты спыніліся, пра нешта ціха пагаварылі і змоўклі раптам. Міша ляжаў, і яму здавалася, што фашысты могуць пачуць стук яго сэрца. Бліснуў у цемры прыглушаны агеньчык. Фашысты закурылі і моўчкі стаялі, зусім побач. З боку Баранавіч пачуўся шум цягніка і толькі тады, калі стаў прыкметны свет ад паравоза, фашысты разыйшліся. Як толькі фашыст прайшоў міма Мішы і стаў удаляцца, хлопец ліхаманкава запрацаваў рукамі, падкапаў паглыбленне, уставіў тол, вывеў выбухоўнік. Калі ён адпаўзаў, прамень святла ад паравознай фары пералічваў як пацеркі шпалы. Грукнуў выбух, заскрыгатала жалеза, затрашчалі дошкі.Таварышы павіншавалі Мішу Белуша з першай удалай аперацыяй на чыгунцы”.

Восем спушчаных пад адхон варожых эшалонаў было на рахунку Мішы Белуша. Калі ў падрыўнікоў меўся запас толу і выбухоўнікаў, Міхась не ўпускаў магчымасці, каб не падарваць дарожны мост ці тэлеграфны слуп.

Хадзіў Міша ў разведку ў Наваградак, Карэлічы, Мір і іншыя буйныя населеныя пункты, дзе размяшчаліся варожыя гарнізоны. Здаралася з ім у разведцы ўсякае - і кур'ёзнае, і небяспечнае. Адзін выпадак надоўга запомніўся партызанам.

“ Атрад спыніўся ў лесе недалёка ад гарадка, у якім размяшчаўся паліцэйскі гарнізон. Як толькі Міша з торбай за плячамі выйшаў на ўскраіну пасёлка, яго затрымаў часавы, абмацаў усяго, засунуў руку ў торбу. І адвёў да начальніка. Той, аглядаючы Мішу, гучна нешта спытаў.

- Спадар начальнік, - нясмела адказваў Міша, - хаджу вось, дзе падпрацую, хто і так кавалак хлеба дасць. Адзін застаўся. Хату спалілі, бацькі памерлі. Жыць жа неяк трэба. Можа тут для мяне што знойдзецца?

- Ну, заладзіў! - спыніў яго строгі начальнік. - Знойдзем табе занятак.

Ён вызваў паліцая і загадаў адвесці Мішу да повара на кухню, хай дапамагае. Пакуль паліцай вёў яго ў другі канец пасёлка, Міша змог разгледзець, дзе якія ўмацаванні, дзе стаяць пасты, дзе адкрытыя месцы. На кухні Міша дапамагаў гатаваць частаванне для гасцей з Баранавіч. Калі ўсё было гатова, повар пайшоў спаць. А Міша сабраў прыгатаванае мяса ў кацёл, прынёс вядро пяску, усыпаў туды, і выйшаў з кухні. Праз нейкі час Міша быў у атрадзе. А раніцай партызаны частавалі высокіх гасцей не шашлыкамі, а свінцом”.

Апошні і бяссмертны свой подзвіг Міхаіл Белуш здзейсніў пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна. Калі партызаны пайшлі ў наступленне, з дзота па ім паліў кулямёт. Тады Міша падпоўз бліжэй да дзота, кінуў гранату. На нейкі час кулямёт змоўк. Партызаны падняліся ў атаку, і тут кулямёт зноў пачаў паліць агнём. Міша Белуш прыняў апошняе ў сваім жыцці рашэнне. Ён кінуўся на кулямёт і сваім целам закрыў амбразуру дзота. Было гэта 16 чэрвеня 1944 года.

М.А. Белуш пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені.

Пасля вайны астанкі Міхаіла Белуша перанеслі і пахавалі ў брацкай магіле ў г.п. Карэлічы. На месцы подзвігу Белуша ў вёсцы Купіск устаноўлены помнік-абеліск. У 1977 г. у роднай вёсцы Руда Ліпічанская ўстаноўлены мемарыяльны знак з надпісам: “Земляку Міхаілу Андрэевічу Белушу, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава”. Імем Міхаіла Белуша названы вуліцы ў Гродна, Мастах, Навагрудку, Дзятлава, Карэлічах.

215