Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Філідовіча

Ліпічанскі Сусанін

Іосіф Юр'евіч Філідовіч нарадзіўся ў 1874 годзе ў вёсцы Шаршні Дзятлаўскага раёна. У 1941 годзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна пачаў актыўна развівацца партызанскі рух, у якім Іосіфу Юр’евічу Філідовічу адвялі ролю сувязнога Ленінскай партызанскай брыгады. З яго дапамогай на востраве сярод балота ў Ліпічанскай пушчы партызаны абсталявалі партызанскі шпіталь. У снежні 1942 года Іосіф Юр’евіч коштам свайго жыцця не даў загінуць амаль 500 цяжкапараненым партызанам. Ратуючы партызанскі шпіталь, ён паўтарыў подзвіг вядомага рускага патрыёта XVII стагоддзя Івана Сусаніна.

….Падзеі разгарнуліся восенню 1942 года. Гэта быў змрочны і цяжкі час. Агнём і мячом фашысты ўкаранялі новы парадак: палілі вёскі, вешалі і расстрэльвалі людзей. У раёне актыўна разгортваўся партызанскі рух. Народныя мсціўцы разграмілі варожыя гарнізоны ў Дзярэчыне, Казлоўшчыне, Накрышках, Жалудку і іншых буйных населеных пунктах. Смелыя, дзёрзкія напады на варожыя аб'екты ўстрывожылі акупантаў. Было зразумела, што фашысты рыхтуюцца правесці буйную карную аперацыю. На бліжэйшых станцыях разгружаліся варожыя войскі, якія рухаліся на фронт, пачасчаліся вобыскі, арышты, допыты, расстрэлы. Гітлераўцы мелі намер падчас блакады знішчыць у Ліпічанскай пушчы ўсе партызанскія фарміраванні.

Партызаны ж вялі жорсткія баі, супраціўляліся. Параненых станавілася ўсё больш, і ім патрабавалася тэрміновая дапамога. Зімой ў палатку іх не пакладзеш. Таму камандзіры атрадаў пачалі шукаць выйсце. Розныя былі прапановы, але сышліся на адным: нягледзячы ні на што арганізаваць стацыянарны партызанскі шпіталь. Неабходна было тэрмінова адшукаць для гэтага надзейнае месца. Пушча вялікая, але знайсці сховішча аказалася не так проста.

На дапамогу партызанам прыйшоў сувязны з вёскі Пушча Ліпічанская Іосіф Юр'евіч Філідовіч, які ведаў адзін востраў сярод самога непраходнага балота. Фашысты туды не змогуць дабрацца.

На востраве абсталявалі шпіталь: выкапалі зямлянкі, пабудавалі пякарню, лазню, склады. Усе аб'екты былі ў выглядзе пячор – каб нельга было заўважыць з самалёта. Праз некалькі дзён партызанскі шпіталь пачаў дзейнічаць. Параненых і хворых транспартавалі на спецыяльных насілках санітары.

Да пачатку блакады на востраў паступіла каля пяцідзесяці параненых партызан. Іосіф Юр'евіч Філідовіч, яго сын Іван ці ўнук Фёдар прывозілі параненых па вядомай толькі ім адным сцежцы праз балота. Ва ўмоўленым месцы іх чакалі санітары. Сцежку пільна засыпалі хвояй, загадзя прыбраўшы кладкі.

У снежні 1942 г. пачалася першая блакада Ліпічанскай пушчы. Фашысцкія самалёты бязлітасна бамбілі партызанскую зону. Карнікі, прачэсваючы лясныя масівы, спадзяваліся на лёгкую здабычу, але не ўлічылі самую "дробязь" – баявыя і маральныя якасці народных мсціўцаў, а таксама асаблівасць мясцовасці.

Партызаны смела адбівалі атакі ворага, хаця і мелі страты. Акружыць і захапіць народных мсціўцаў акупантам так і не ўдалося. Але ў шпіталі заставаліся некалькі дзесяткаў хворых і параненых. Што рабіць з імі? Камбрыг загадаў лёгкапараненых адправіць у атрады, а астатнім захоўваць строгую дысцыпліны, нічым сябе не выдаваць. Так і зрабілі. Размаўлялі толькі шэптам, ежу часова не гатавалі, карысталіся сухім пайком. Адчуваючы небяспеку, І. Ю. Філідовіч адправіў старэйшага сына Івана і ўнука Леаніда за Нёман. Два малодшыя сыны Канстанцін і Мікалай як сышлі ў сорак першым на фронт,так і прапалі без вестак. На хутары засталіся дзед, нявестка і дванаццацігадовы ўнук Федзя, якія наглядалі за хворымі.

Карнікі лютавалі ў наваколлі, разам з жыхарамі спалілі вёскі Дубраўка, Вялікая Воля, Трахiмавiчы, Гарадкі, шматлікія хутары.

На хутары Іосіфа Юр'евіча чуліся выбухі, калі фашысты бамбілі пераправы на Нёмане і Шчары.

Моцны стук ботаў у дзверы прымусіў здрыгануцца Іосіфа Юр'евіча. У чорных бліскучых плашчах, у стальных касках, уварваліся фашысты ў хату. Хутар акружылі каля паўсотні карнікаў. Звыш трохсот накіраваліся да бліжэйшых хутароў. Усіх траіх – старога, жанчыну і хлопчыка – выгналі з хаты. Афіцэр загадаў паставіць іх да сцяны. Так і стаялі некалькі хвілін. Было зразумела: Філідовічаў нехта выдаў.

– Выбірай, стары: або ты пакажаш, дзе шпіталь, або ім смерць, – сказаў перакладчык. Філідовіч маўчаў. Тады фашысты накіравалі аўтаматы на нявестку і ўнука. Хлопчык шчыльна прыціснуўся да маці.
– Білі мяне моцна, – успамінаў Фёдар, унук Філідовіча. – Два месяцы на спіну не мог легчы. Затым ўзялі пятлю, накінулі на шыю і, сагнуўшы бярозу, канец вяроўкі прывязалі да верхавіны. Зноў білі. І так некалькі разоў імітавалі павешанне. І ўсё гэта на вачах у дзеда.
– З-за цябе, бальшавіцкая сволач, забіваем хлапчука, – сказаў старому перакладчык, – ратуй, пакуль не позна.
– Адпусціце яго, – ціха сказаў Іосіф Юр'евіч, – яны ж нічога не ведаюць. Я правяду вас у шпіталь.

Акінуўшы развітальным позіркам хату, І. Ю. Філідовіч адправіўся разам з атрадам карнікаў (а было іх каля 300 чалавек) у лес. Ішоў не спяшаючыся, цвёрда і ўпэўнена, як ідуць сапраўдныя людзі па сваёй роднай зямлі. Праз некалькі гадзін афіцэр занепакоіўся. І калі перакладчык зноў спытаў пра шпіталь, Іосіф Юр'евіч, цяжка пераводзячы дыханне, спакойна, быццам нічога не здарылася, стрымана адказаў: – Ужо зусім блізка, трохі засталося ісці. Толькі падымемся вунь на той пагорак.

Неўзабаве некалькі фашыстаў-коннікаў падаліся наперад, думаючы, напэўна, самі разведаць дарогу. Але Іосіф Юр'евіч, быццам прадчуваючы гэта, ужо паспеў звярнуць на ўчастак, дзе пачыналася самая страшная, небяспечная дрыгва. Коні, не прайшоўшы і сарака метраў, пачалі правальвацца ў багну.

– Стой! – закрычаў на ўсё горла азвярэлы афіцэр і падбег ушчыльную да Філідовіча. - Дзе шпіталь, кажы!

Размахнуўшыся, ён што было сілы ўдарыў правадніка па твары. У вачах на імгненне пацямнела, пасыпаліся іскры, але разуменне было яснае. Філідовіч утрымаўся на нагах.

– У шпіталь дарогі няма ... – скажаў нарэшце Філідовіч.

Грымнулі стрэлы. Ён не дагаварыў.

Пачало цямнець. Карны атрад доўга блукаў, усё глыбей і глыбей заходзячы ў лясны гушчар. Коні і фашысцкія падводы з мінамётамі пачалі правальвацца ў балота. Гітлераўцы зразумелі: Філідовіч прывёў іх сюды на немінучую смерць.

Сурова шумелі дрэвы, бязлітасна білі сваімі галінамі па тварах карнікаў калючыя кусты, снег замятаў сляды. А выбрацца з балота без правадыра, ды яшчэ ноччу, было немагчыма. Слаўнага партызанскага сувязнога больш ніхто не бачыў жывога.

Вясной 1943 года, калі растаў снег, яго цела знайшлі партызаны. Ён ляжаў у лясных нетрах за дзесяць кіламетраў у супрацьлеглым баку ад шпіталя. У патыліцы – дзве агнястрэльныя раны. Героя пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны медалём "За адвагу".

Ліпічанскі Сусанін коштам свайго жыцця выратаваў дзясяткі параненых партызан, медыкаў, абслугоўваючы персанал. Шпіталь дзейнічаў да ліпеня 1944 года, да самага прыходу Савецкай Арміі. Праз яго прайшло каля 500 цяжкапараненых партызан.

У памяць аб подзвігу Філідовіча ў райцэнтры ў 1982 годзе пастаўлены помнік , на пастаменце якога словы: «Іосіф Юр'евіч Філідовіч, жыхар вёскі Пушча Ліпічанская. У снежні 1942, ратуючы партызанскі шпіталь, паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна». Імем Філідовіча названа адна з вуліц горада. Яго імя занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна.

200