Святкаванне Дня нараджэння Максіма Багдановіча

9 снежня споўнілася 132 гады з дня нараджэння выдатнага паэта, пісьменніка, крытыка, перакладчыка, класіка беларускай літаратуры Максіма Адамавіча Багдановіча.

У гэты дзень аматары творчасці паэта сабраліся каля помніка, каб ушанаваць яго памяць. Сярод удзельнікаў імпрэзы – паэт, публіцыст, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч, паэт Васіль Жуковіч, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, а таксама прадстаўніца радавога дрэва сям’і Багдановічаў, унучатая пляменніца беларускага класіка Вольга Дашкоўская, якія выступілі з прывітальнымі словамі.

А ўвечары ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася музычна-паэтычная імпрэза з удзелам ансамбля салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Людмілы Каліноўскай. Падчас канцэрта прагучалі мелодыі, якія атачалі паэта і яго блізкіх, а таксама песні на словы М.Багдановіча.

З прывітальнымі словамі выступілі галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран, галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Максім Гальпяровіч. Акрамя чароўнай музыкі, госці імпрэзы даведаліся пра цікавыя факты з гісторыі выдання “Вянка”, якія распавёў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі.

Хацелася б выказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто ў гэты дзень адзначыў дзень нараджэння Максіма Багдановіча разам з намі!

163